У 1990-я гады на сродкі замежных габрэйскіх арганізацый тэрыторыя, на якой месцяцца могілкі, была упарадкавана. Некаторыя помнікі аднавалі. Паставілі плот. Але ж столькі вады ўцякло (і травы нарасло) з таго часу.
Па коле вяртаемся да вулачкі каля іешывы. Заходзім у адзін з двароў. Галіна Вікенцьеўна Навумава жыве ў хаце ля вугла іешыботу больш за 15 гадоў. Калі Навумавы набылі гэты дом, у будынку іешывы была кавярня, дзе Галіна Вікенцьеўна і працавала. Яна застала і заняпад былой знакамітай установы, разбураліся сцены, збіраліся п'яныя кампаніі.
— Вы лепш схадзіце да Бушланавых. Раней у іх быў ключ ад іешывы. Яны вам падрабязней распавядуць. Я амаль нічога не ведаю, — гаворыць Галіна Вікенцьеўна.
Нам трэба на вуліцу Камсамольскую. Шукаем Паўла Андрэевіча і Ніну Саламонаўну Бушланавых. Яны жывуць недалёка ад магілы вязняў гета на гары Высокай, дзе ў 1961 годзе ўсталявалі помнік — скульптуру смуткуючай маці.
— Ключа ў нас ужо даўно няма. Гадоў дзесяць назад мы даглядалі іешыву, Паўлік касіў могілкі. Праз нашу сям'ю дабрачынная габрэйская арганізацыя "Хэсэд-Рахамім" размяркоўвала гуманітарную дапамогу для валожынскіх габрэяў. Іх засталося зусім няшмат: Маісею Давідавічу Віткіну споўніцца хутка 98, ён прыкаваны да ложка, Ларыса Міхайлаўна Эльтэрман ды Наталля Ісаакаўна Штэйнер. Ларысу сёння не турбуйце, яна пойдзе ў лазню, потым будзе адпачываць. А да Наташы можаце завітаць, Яна журналіст, бацька быў галоўным рэдактарам мясцовай раёнкі "Працоўная слава".
Ніна Саламонаўна, па бацьку Шметтэр. Прыгожая жанчына ў хатняй акуратнай сукенцы і срэбных завушніцах.
— За апошні месяц два інфаркты перажыла, — кажа яна. — Дык зараз муж асабліва клапоціцца. Пазнаёміліся мы на вучобе ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. Мяне туды эвакуіравалі напачатку вайны. Сама я ў Віцебску нарадзілася, бацькі былі віцеблянамі. Павел мой з сяла Ленскае Свярдлоўскай вобласці. Трапіў на кадравую службу ваенным перакладчыкам, перавялі ў мясцовую ваенную частку, так мы і трапілі ў Валожын. Я 21 год была настаўніцай геаграфіі, 4 гады працавала ў аддзеле адукацыі.
Яе муж сядзіць у крэсле і толькі зрэдку накіроўвае размову, быццам настаўнік ён, а не жонка.
—У нас тут шмат змешаных сем'яў па культуры і веравызнанні. У аднаго сына жонка праваслаўная, у другога — каталічка. Для нас за шчасце збірацца на святы разам у гэтай кватэры, гатаваць розныя стравы, габрэйскія таксама. Аднак вось нядаўна з Ларысай (Эльтэрман) сядзім і сумуем, што няма з кім адсвяткаваць Песах ці Хануку. Добра было б, каб тут быў культурны нейкі цэнтр, не абавязкова сінагога, дзе можна было б камунікаваць паміж сабой. Пацягнуліся б і тыя, хто да габрэйства мае апасродкаванае дачыненне. Няма каму займацца, а мы ўжо слабыя і старыя, ахвотных маладых не знайсці.
Увечары пайшлі мы да Наталлі Ісаакаўны, але яна не адчыніла дзверы.
Кожнае дзіця ў габрэйскай сям'і ведае пра Валожын і збіраецца сюды хоць раз прыехаць У Беларусі існуе
спецыялізаванае турыстычнае агенцтва, якое арганізуе туры, прысвечаныя гісторыі, рэлігіі, культуры і спадчыне габрэйскага народу ў Беларусі і суседніх краінах. Ідышкайту, карацей.
Ідышкайт — гэта вобраз жыцця, культура і традыцыі ашкеназкіх габрэяў, якія жылі на мяжы аседласці на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы.
Без наведвання Валожына, вядома, не абысціся, калі гаворка заходзіць пра гісторыю габрэйства на Беларусі. Супрацоўніца агенцтва Вольга распавяла, якім коштам даецца арганізацыя прыезду турыстычнай групы ў Валожын:
— Не толькі для габрэйскага, але і для любога турызму на Беларусі было б добра палепшыць сэрвіс у невялікіх гарадах. Мінск, абласныя цэнтры — там усё яшчэ куды ні шло, але калі прыязджаеш у якія-небудзь менш папулярныя турыстычныя гарады — савок. Гэта тычыцца і гатэляў, і кавярняў, і ўвогуле сэрвісу. Да нас прыязжаюць людзі з усяго свету, якія шукаюць карані ў маленькіх беларускіх гарадах. А там зусім бяда.
Арыэль Давыдкін, памочнік равіна Іудзейскай рэлігійнай абшчыны "Бэйз Ізраэль" кажа, што прыязджаюць у Беларусь найчасцей паломнікі. Кожнае дзіця ў габрэйскай сям'і ведае пра Валожын і збіраецца сюды хоць раз у жыцці прыехаць. Тыя, хто наведваюць горад, адначасова і смуткуюць, што няма дзейных габрэйскіх устаноў, з іншага боку — добра, што хоць нешта захоўваецца.
Вялікі крок — перадача ва ўладанне Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання будынка іешывы. Пасля гэтага і пачалася рэканструкцыя. Дарэчы, тыя вокны з елкамі — аднаўленне былога знешняга выгляду іешывы напачатку XX cтагоддзя. Для больш сур'ёзнай працы трэба шукаць вялікія інвестыцыі, чым і займаецца аб'яднанне.